ПАЎНАМО́ЦНАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА БССР ПРЫ СНК РСФСР,

дзяржаўная ўстанова для забеспячэння сувязі паміж БССР і РСФСР у 1921—22. Створана 24.3.1921 па ініцыятыве бел. кіраўніцтва на падставе дагавора аб ваенным і гаспадарчым саюзе паміж РСФСР і БССР. Падпарадкоўвалася Наркамату замежных спраў (НКЗС) БССР, выконвала функцыі дыпламат. прадстаўніцтва, падтрымлівала афіц. кантакты з НКЗС РСФСР, кіраўнікамі і супрацоўнікамі інш. дыпламат. прадстаўніцтваў, акрэдытаваных у Маскве. Паўпрэд (М.​І.​Мароз) і саветнік прызначаліся Прэзідыумам ЦВК БССР. Выконвала ў межах РСФСР даручэнні бел. ўрада, ЦК КП(б)Б, наркаматаў і ведамстваў БССР, вяло работу па вяртанні на радзіму спецыялістаў — ураджэнцаў Беларусі, пошуку вывезеных з тэр. рэспублікі матэрыяльных каштоўнасцей. Выдача замежных пашпартоў для грамадзян БССР перайшла пад кантроль НКЗС РСФСР. Пашпарты, выдадзеныя НКЗС БССР без візы НКЗС РСФСР і Асобага аддзела ВЧК, лічыліся несапраўднымі. Гэта ўшчамляла суверэнныя правы БССР у зносінах з РСФСР, інш. сав. рэспублікамі і прадстаўніцтвамі замежных дзяржаў. Пасля ўтварэння СССР (30.12.1922) прадстаўніцтва пераўтворана ў Пастаяннае прадстаўніцтва СНК (СМ) БССР пры СНК (СМ) СССР (гл. Пастаяннае прадстаўніцтва Савета Міністраў БССР пры Савеце Міністраў СССР).

У.​Е.​Снапкоўскі.

т. 12, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)